САЮ́З ТЭАТРА́ЛЬНЫХ ДЗЕ́ЯЧАЎ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў,
добраахвотная грамадская творчая арганізацыя работнікаў тэатра Беларусі: артыстаў, рэжысёраў, балетмайстраў, дырыжораў, хормайстраў, мастакоў, тэатразнаўцаў і інш. Створаны ў 1987 на базе Бел. тэатр. т-ва (засн. 7.6.1946), з 1994 наз. Бел. саюз тэатр. дзеячаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, выканаўчы — рада. З’езды адбыліся ў 1987, 1992, 1997, 1999. Старшыні — Л.Александроўская (з 1946), М.Яроменка (з 1976), А.Дудараў (з 1992). Мае на мэце садзейнічанне развіццю бел. сцэн. мастацтва, стварэнне спрыяльных умоў для творчасці дзеячаў тэатр. мастацтва, правядзенне творчых вечароў, бенефісаў, тэатр. свят, ушанаванне памяці выдатных прадстаўнікоў тэатр. мастацтва Беларусі. Арганізоўвае канферэнцыі, лабараторыі і семінары па пытаннях тэорыі і практыкі тэатр. мастацтва. Арганізоўвае і праводзіць фестывалі, выстаўкі, аўкцыёны, канцэрты і інш. Ажыццяўляе выдавецкую і рэкламную дзейнасць. На 1.2.2001 у С.т.дз.Б. 1055 членаў.
т. 14, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)